ПРЫГО́ЖАЯ ЯФІ́МАВА,

сорт груш, выведзены У.​А.​Яфімавым ад скрыжавання сартоў Танкаветкі і Любіміцы Клапа. Раянаваны па Мінскай вобл.

Дрэва сярэднярослае, з шырокапірамідальнай кронай. Пладаносіць на 6—7-ы год пасля пасадкі. Адрозніваецца ўраджайнасцю, зімаўстойлівасцю, сярэдняй устойлівасцю да паршы, адноснай устойлівасцю да бактэрыяльнага раку. Плады сярэдняй велічыні, правільнай грушападобнай формы. Скурка жаўтавата-зялёная з інтэнсіўным ярка-кармінавым румянцам. Падскуркавыя кропкі буйныя, бурага колеру. Мякаць сакавітая, масляністая, крыху аскомістая, кісла-салодкая. Спажывецкая спеласць настае ў пач. верасня. Лёжкасць каля 2 тыдняў.

М.​Р.​Мялік.

Прыгожая Яфімава.

т. 13, с. 61

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)